СЛУ́ЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,

комплекс драўляна-земляных умацаванняў г. Слуцк у 11—18 ст. Самыя раннія ўмацаванні адносяцца да часу заснавання горада, які ўзнік у 11 ст. на гарадзішчы ранняга жал. веку ў сутоках рэк Бычок і Случ. Уяўлялі сабой глініста-пясчаны вал вышынёй каля 6 м, шырынёй 20—22 м у аснове. Па версе насыпу ішоў вастракол вышынёй 4—6 м з дубовых бярвён таўшчынёй 14—16 см, верхні край якога быў завостраны на гранёны конус. Вал ахопліваў усю пляцоўку дзядзінца летапіснага Случаска. За валам каля падэшвы гарадзішча быў выкапаны роў глыбінёй каля 2 м, шырынёй 25 м, які запаўняўся вадой з р. Бычок. Верагодна, у 12—13 ст. існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні абапал вакольнага горада, што размяшчаўся на ПнУ ад дзядзінца (іх рэшткі зруйнаваны ў 1960-я г. ў час будаўніцтва).

У 1409 на месцы дзядзінца і вакольнага горада ўзніклі Верхні і Ніжні замкі (гл. ў арт. Слуцкія замкі). Відаць, да 16 ст. Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні, знешні выгляд якіх сфарміраваўся яшчэ ў стараж.-рус. час і якія надзейна ахоўвалі яго ад нападаў крымскіх татар у 1502, 1503, 1505, 1506 і войск Міхаіла Глінскага ў 1508 у час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08. Паводле пісьмовых крыніц, у 1509 пачалося буд-ва ўмацаванняў вакол усяго гар. паселішча, што прымыкала да замкаў. Паводле Хронікі Быхаўца, у пач. 16 ст. гэтыя ўмацаванні ахоплівалі Стары горад з замкамі на правым беразе р. Случ і Новы горад (Зарэчча), які размясціўся на яе левым беразе. Як сведчыў маск. дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1539 з дыпламат. місіяй наведаў ВКЛ, Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні і тым не менш быў «... горада Менска больши и лутчи...». На рубяжы 16—17 ст., калі на бел. землях пачалі пашырацца земляныя ўмацаванні старагаландскага тыпу, Слуцк быў абведзены магутным валам і вадзяным ровам. Непрыступнасць С.г.у. выявілася ў 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, калі 20-тысячнае войска рус. кн. А.​М.​Трубяцкога 2—6 вер. беспаспяхова вяло аблогу горада. З 27 да 30 вер. войска Трубяцкога, да якога далучылася яшчэ 5 тыс. казакоў І.​Залатарэнкі, паўтарыла аблогу і зноў няўдала. Увесь Слуцк, за выключэннем Астроўскага і Трайчанскага прадмесцяў, быў абнесены ўмацаваннямі. Абарончая лінія Старога горада мела выгляд магутнага землянога вала, які дугой апяразваў старую частку горада з У, Пн, З і ўпіраўся сваімі канцамі ў р. Случ. Тут было 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным валам знаходзіўся роў. Трапіць у Слуцк можна было праз 3 брамы — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Паводле гіст. крыніц, гар. вал дасягаў шырыні не менш як 26,6 м і вышыні каля 8 м. Капыльская і Ільінская брамы мелі аднолькавыя памеры ў аснове — 25,6 × 36,6 м, Астроўская —9,15 × 15,25 м. Цераз вадзяны роў былі перакінуты пад’ёмныя масты. Кварталы Новага места абкружалі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзіліся да р. Случ. Тут мелася 7 бастыёнаў і ўязная драўляная брама — Навамеская. Агульная даўжыня С.г.у. у канцы 18 ст. дасягала амаль 3840 м. На працягу 18 ст. Слуцк заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 рас. афіцэры, якія складалі тапагр. апісанне горада, адзначалі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у т. л. 4 брам. Канчаткова рэшткі С.г.у. бастыённага тыпу знішчаны ў выніку будаўнічых работ у жн. 1986.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Калядзінскі Л.У. Умацаванні і ўзбраенне дзядзінца летапіснага Случаска (XII—XIII стст.) // Гіст.-археал. зб.: Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 1.

Л.​У.​Калядзінскі, М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)